2-я адкрытая абласная навуковая краязнаўчая канферэнцыя вучняў “КУПАЛАЎСКАЯ ВЫШЫНЯ”

30.04.2025
26 красавіка ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пад эгідаю Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства адбылася 2-я адкрытая абласная навуковая краязнаўчая канферэнцыя вучняў “КУПАЛАЎСКАЯ ВЫШЫНЯ”.

Калі весці адлік ад канферэнцый гэтай канцэпцыі, то сёнешні форум краязнаўчых ведаў юных быў дванадцатым. У 2013 г. гэтую, цяпер ужо, сапраўды, традыцыю пачала першая канферэнцыя “Край Гарадзенскі”. І вось ужо другі год запар гэтую справу працягвае канферэнцыя ў сцянах ГрДУ імя Я. Купалы. 

Сёння на фінальны этап канферэнцыі было прапанавана з усіх 17 раёнаў вобласці і г. Гродна 477 навуковых работ па васемнаццаці накірунках краязнаўства. Аспекты ваеннага, музычнага, лінгвістычнага, грамадска-палітычнага, мастацкага, біялагічнага, геаграфічнага, генеалагічнага, канфесінага, шматэтнічнага, дэмаграфічнага і эканамічнага краязнаўства знайшлі свае адлюстраванне на старонках вучнёўскіх работ.

З усіх прапанаваных работ рэцэнзенты выбралі 214 даследаванняў, аўтарамі якіх сталі 241 вучань. Менавіта гэтая колькасць старшакласнікаў – ад 8 да 11 класа – сабралася ў аўдыторыях ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскага абластнога метадычнага цэнтру народнай творчасці (філіяла кафедры турызму і культурнай спадчыны) і Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства  каб узняцца на “Купалаўскую вышыню”.

Пасля ўрачыстага адкрыцця словамі начальніка навукова-даследчай часткі ГрДУ імя Янкі Купалы А.А. Глазева, удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з краязнаўчым вопытам, гродзенскага біёлага і географа, стваральніка краязнаўчай тэлеперадачы “У аб’ектыве натураліста”, настаўніка Гродзенскай гімназіі №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага В.С. Гуменнага.

А далей пачалася работа 27 секцый. Журы секцый узначалівалі выкладчыкі ўніверсітэта і настаўнікі горада і раёнаў. Сярод іх традыцыйна − цэлая кагорта вядомых краязнаўцаў вобласці: Д.У. Люцік, Г.П. Ракуць, Ф.С. Войшніс, Н.Ф. Някрэвіч, В.С. Гуменны, С.В. Занеўскі, А.В. Ваўчок, Д.М. Райко, Т.А. Еўдакімава, І.М. Сільвановіч.

У выніку атрымалася сапраўднае свята краязнаўчых ведаў. Дыпломы асобнага дызайну розных ступеняў атрымалі ўсе ўдзельнікі і на секцыях адбылася сапраўдная навуковая гутарка з удзелам членаў журы, вучняў і іх навуковых кіраўнікоў. А за сценамі аўдыторый – што заўжды важна для кожнай канферэнцыі − была магчымасць для ўсіх удзельнікаў для камунікацыі, абмену думкамі, ідэямі і проста магчымасці новага знаёмства.